Рэгiстрацыя:

З гісторыі бібліятэкі

   Дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” – першая публічная бібліятэка на Беларусі.
   Матэрыялы архіваў сведчаць, што рашэнне аб яе адкрыцці было прынята ў верасні 1830 года на нарадзе ў гродзенскага губернатара Міхаіла Трафімавіча Бабяцінскага. Першым бібліятэкарам быў прызначаны Міхаіл Зялёнка, прэфект Гродзенскай гімназіі.
   У аснову бібліятэкі ляглі дабравольныя ахвяраванні дваран горада, якія былі зацікаўлены ў дзейнасці бібліятэкі для сваіх патрэб і імкнуліся падтрымаць яе. Першапачаткова бібліятэчнай кнігай карысталася ўсяго 40 чытачоў, з іх “правасхадзіцельстваў” – 2, “высокаблагародных” – 17, “благародных” – 21.
   Каб падтрымаць бібліятэку, якая знаходзілася ў цяжкім стане, у 1859 годзе грамадзянскі губернатар Іван Абрамавіч Шпеер прапанаваў усім служачым Гродна ахвяраваць 1% ад месячнага заробку на яе развіццё. На сабраную такім чынам суму, якая склала 612 рублёў, былі выпісаны перыядычныя выданні і набыты некалькі дзесяткаў кніг. Асобы, якія ўдзельнічалі ў ахвяраванні, мелі права карыстацца літаратурай бясплатна, а астатнія маглі стаць чытачамі толькі за грашовую плату.
   У 1865 годзе зацверджаны Статут Гродзенскай публічнай бібліятэкі. Кіраўніцтва бібліятэкай ажыццяўляла Праўленне, членамі якога абавязкова былі дырэктар Гродзенскай мужчынскай гімназіі, рэктар мясцовай духоўнай семінарыі і г.д., асобы жаночага полу і нізкія чыны не дапускаліся. Актыўным членам Праўлення ў свой час быў вядомы гісторык, краязнавец, выкладчык Гродзенскай гімназіі Я.Ф.Арлоўскі. Над “Каталогам бібліятэкі” працаваў Адам Багдановіч, бацька вядомага беларускага паэта Максіма Багдановіча, беларускі фалькларыст, этнограф, мовазнавец. У 1892 г. ён стаў гадавым членам бібліятэкі, увайшоў у Праўленне і ў хуткім часе быў абраны яго дырэктарам.
   З 1877 года бібліятэка пачала атрымліваць штогадовую ўрадавую субсідыю ў памеры 800 рублёў. Паступалі грошы і за карыстанне фондам, але ўвесь даход яе складаў не больш за 1250 рублёў.
   У 1886 годзе пры Гродзенскай публічнай бібліятэцы адкрыўся кабінет для чытання.
   У 1909 годзе надрукаваны “Каталог Гродзенскай публічнай бібліятэкі”, складзены выкладчыкам гімназіі І.Г.Астравумавым.
Пасля ўстанаўлення Савецкай улады на Гродзеншчыне публічная бібліятэка аб’яднала фонды многіх ліквідаваных устаноў. Гэта былі каштоўныя кнігі і рукапісы.
  У 1936-1937 гадах публічная бібліятэка актыўна дзейнічала і як павятовая цэнтральная. Сістэматычна працавалі самаадукацыйна-бібліятэчныя курсы, на якіх навучаліся бібліятэкары з гмінных бібліятэк Лунна, Азёр, Верцялішак, Гожы, Галынкі і інш. Плата за навучанне – 5 злотых. Былі спробы арганізаваць курсы “правильного и хорошего чтения” з тэрмінам навучання – 3 месяцы.
   1 мая 1940 года адбылося ўрачыстае адкрыццё бібліятэкі для шырокіх працоўных мас. Кнігі пачалі выдаваць чытачам бясплатна. Дакументны фонд павялічыўся да 35,0 тыс.экз., а колькасць чытачоў дасягнула 4-х тысяч. Кожны дзень бібліятэку наведвалі 400-450 чытачоў, чытальную залу – 150-170.
  Трагічнымі для бібліятэкі сталі гады Вялікай Айчыннай вайны. На працягу 1941-1944 гг. было страчана большасць дакументаў. Толькі невялікую колькасць фонду ўдалося захаваць супрацоўніку бібліятэкі М.А.Чарвякоўскаму.
   На дзесяты дзень пасля вызвалення горада бібліятэка пачала працаваць. Выданні паступалі з розных куткоў Савецкага Саюза.
   У маі 1949 года адкрываецца дзіцячы аддзел, складаецца сістэматычны каталог на ўвесь фонд, пачынае працаваць міжбібліятэчны абанемент, наладжваецца метадычная дапамога бібліятэкам Гродзеншчыны.
   15 лютага 1957 года Гродзенскай абласной бібліятэцы прысвоена імя Яўхіма Фёдаравіча Карскага, першага беларускага акадэміка, заснавальніка беларускага мовазнаўства і філалогіі, ураджэнца вёскі Лаша Гродзенскага раёна. 
   У красавіку 1965 года быў адкрыты юнацкі філіял бібліятэкі ў доме-музеі славутай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, у 1966 годзе створаны аддзел замежнай літаратуры.
  Калектыў бібліятэкі прымаў актыўны ўдзел у сацыяльна-культурным жыцці горада і вобласці. Ладзіліся чытацкія канферэнцыі і літаратурныя вечарыны, прагляды літаратуры на прадпрыемствах і будоўлях.
   У верасні 1980 года, у сувязі з 150-годдзем, Гродзенская абласная бібліятэка ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Узнагароды атрымалі і лепшыя супрацоўнікі бібліятэкі.
20 верасня 1995 года зацверджаны новы Статут бібліятэкі як абласной навуковай.  

   З 1997 года бібліятэку ўзначальвае Мальцава Лідзія Васільеўна, энергічны, здольны, творчы, патрабавальны кіраўнік.
   Шмат сіл і намаганняў прыкладае Лідзія Васільеўна для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэкі, укараненню сучасных інфармацыйных тэхналогій, інавацыйных формаў і метадаў работы.



Чытаць далей

Книга Беларуси XIV-XVIII веков
Виртуальный читальный зал
Polpred.com. Связи с Россией. Экономика 230 стран
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Гродненский областной исполнительный комитет