Рэгiстрацыя:

“Францыск Скарына быў з тых, першых, хто, кажучы сучаснымі словамі, стварыў стартавую пляцоўку для рыўка Чалавецтва ў ягоную неабсяжную будучыню. Чутны і нам праз стагоддзі гук ягонага друкарскага станка”.
Уладзімір Караткевіч
 

  Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, мысліцель-гуманіст, асветнік, доктар свабодных навук і медыцыны, вучоны і пісьменнік эпохі Адраджэння, ён быў сапраўды незвычайнай асобай.
  Шаноўныя чытачы, прапануем вашай ўвазе агляд кніг, якія дапамогуць лепш зразумець час, жыццё і дзейнасць выдатнага першадрукара, пазнаёміцца з яго творчай спадчынай.
   1) Суша, А. А. Франциск Скорина – человек мира / Алесь Суша; [научный редактор Л. В. Языкович]. – Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. – 300, [3] с.
  Кніга прысвечана беларускаму першадрукару, заснавальніку ўсходне- еўрапейскага кнігавыдання Францыску Скарыну. Менавіта ён першым з усходніх славян у 1517 годзе выпусціў у свет друкаваную кнігу ва ўсёй яе шматграннасці і паўнаце. Як друкар і выдавец Францыск Скарына з’яўляецца таксама вядомым дзеячам беларускай культуры эпохі Адраджэння. Яго талент выявіўся ў многіх сферах дзейнасці: ён вядомы як перакладчык, пісьменнік, філосаф-гуманіст, тэолаг, медык, батанік, грамадскі дзеяч. У цяперашні час выяўлена звыш 520 друкаваных экзэмпляраў кніг Ф. Скарыны, якія захоўваюцца ў кніжных і музейных зборах Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славеніі, ЗША, Украіны, Чэхіі.


 

  2) Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына: [зборнік артыкулаў] / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка ім. Я. Коласа; укладальнік Аляксандр Груша; [рэдкалегія: А. І. Груша (старшыня) і інш.]. – Мінск: Беларуская навука, 2017. – 293, [2] с.
  Дадзены зборнік навуковых прац прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і прысвечаны асобе, дзейнасці і творчай спадчыне Францыска Скарыны – ураджэнца Полацка, доктара медыцыны, першадрукара Вялікага Княства Літоўскага, перакладчыка і выдаўца Бібліі, пісьменніка.
  Сучасная культура Беларусі ўзносіць і ўслаўляе асобу і справу Францыска Скарыны, складае яму гімн. Ён удастоены ганаровых імёнаў “тытана эпохі Адраджэння”, “выдатнага еўрапейца-гуманіста”, “адной з найярчэйшых зорак беларускага народа” і інш.
  Зборнік мае міжнародны характар. Аўтары прадстаўляюць не толькі розныя краіны – Беларусь, Літву, Украіну, Францыю, Чэхію, але і розныя галіны гуманітарных ведаў, навуковыя інтарэсы, нацыянальныя і навуковыя школы, розныя падыходы ў даследаваннях. Указаны характар зборніка сведчыць аб існаванні шырокай цікавасці да персоны Францыска Скарыны.
  Артыкулы прысвечаны самым розным пытанням. У іх абмяркоўваюцца як старыя – актуальныя і сёння – тэмы, так і тыя, у якіх ставяцца і рашаюцца новыя задачы. Некаторыя даследаванні, якія прадстаўлены ў зборніку, праведзены з выкарыстаннем новых навуковых падыходаў. Сярод прац ёсць і такія, якія выкананы з прыцягненнем маладаступных для айчынных даследчыкаў крыніц. У вучоных не зніжаецца цікавасць да сімвалічных выяў Скарыны, якія ён пакінуў у сваіх выданнях, прапануецца новае тлумачэнне аднаго з сімвалаў, што змешчаны на гравюрным партрэце асветніка, – трохкутнападобнага знака.
  У кнізе разгледжаны перадумовы дзейнасці Скарыны, тыпы і моўная мадэль яго перакладаў кніг Бібліі, месцазнаходжання яго друкарні ў Празе, паходжанне інфармацыі аб магчымай паездцы Скарыны ў Маскву, іншыя пытанні.
  Кожная з публікацый узбагачвае тэматыку Скарыніяны і адкрывае новыя перспектывы даследаванняў. Выданне разлічана на прафесійных даследчыкаў, выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца асобай, дзейнасцю і спадчынай Францыска Скарыны.


   3) Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка: [артыкулы, нарысы / укладанне А. Сушы; мастацкае афармленне і дызайн У. Свентахоўскага]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. – 322, [1] с.
  Выданне ўключае найбольш яркія і арыгінальныя нарысы, створаныя на працягу цэлага стагоддзя вывучэння жыццёвага шляху і творчай спадчыны вялікага беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Усе яны створаны ў розныя храналагічныя перыяды і з’яўляюцца ўвасабленнем свайго часу, нясуць на сабе адбітак сваёй эпохі. Іх аўтарамі з’яўляюцца вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы, пісьменнікі, навукоўцы, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў, журналісты. Сярод аўтараў – Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Караткевіч, Алесь Адамовіч, Уладзімір Пічэта. Але сабраныя разам, гэтыя нарысы ствараюць цэласны, багаты і шматгранны вобраз нацыянальнага героя, адлюстроўваюць веліч і значнасць справы Францыска Скарыны.

   4) Францыск Скарына і сучаснасць: зборнік п’ес / Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Цэнтр беларускай драматургіі; [складальнік А. А. Суша; рэдкалегія: У. М. Карачэўскі (старшыня) і інш.]. – Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2017. – 334, [1] с.
  У зборнік уключаны п’есы – пераможцы конкурсу “Францыск Скарына і сучаснасць”. У драматычных творах прадстаўлены ўнутраны свет чалавека ва ўсіх яго складанасцях і ўзаемасувязях з гістарычным мінулым і сённяшнімі пераўтварэннямі жыцця.

   5) Францыск Скарына на мовах народаў свету / [укладанне, пасляслоўе А. Карлюкевіча; прадмова А. Сушы]. – 2-е выд., дапоўненае. – Мінск: Звязда, 2016. - 142, [1] с.
  У другім, дапоўненым выданні ўрывак з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі “Юдзіф” прадстаўлены на 66 мовах народаў свету, што пашырае геаграфію ўспрыняцця спадчыны асветніка. Чытачы могуць азнаёміцца з рускай, англійскай, балгарскай, італьянскай, кітайскай, польскай, французскай, японскай і іншымі версіямі ўрыўка.
  Сабраныя ў дадзеным выданні пераклады слоў беларускага асветніка пераканаўча сведчаць пра сілу яго слова, падкрэсліваюць спрадвечную знітаванасць культурнага жыцця розных краін. А па-мастацку выказаныя ім словы пра любоў да Айчыны – сапраўдны духоўны запавет для ўсёй чалавечай супольнасці.

   6) Цітоў, А. К. Шляхамі Францыска Скарыны = Дорогами Франциска Скорины = Francysk Skaryna's life paths / Анатоль Цітоў; [пераклад на англійскую мову: А. Ч. Забэла]. – Мінск: Народная асвета, 2016. – 135 с.
  Кніга прысвечана лёсу беларускага першадрукара. Яна пабудавана такім чынам, каб прасачыць гісторыю жыцця вялікага асветніка праз адлюстраванне яго дзейнасці ў пэўных гарадах Еўропы. Чытач зможа адправіцца ў падарожжа па слядах славутага друкара і пранікнуцца духам скарынаўскай эпохі, адчуць яе непаўторны каларыт.
  Кніга багата ілюстравана старажытнымі гравюрамі, фотаздымкамі выдатных мясцін, партрэтамі асоб, з якімі перасякаўся Скарынаў лёс, а таксама творамі мастацтва. У выданні выкарыстаны матэрыялы з фондаў Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына (зараз Расійская нацыянальная бібліятэка) і Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург, Расія), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Прыцягваліся інтэрнэт-рэсурсы.

   7) Чамярыцкі, В. А. Жыватворная спадчына: выбранае / Вячаслаў Чамярыцкі; [прадмова Г. Кісялёва; навуковы рэдактар А. Мальдзіс]. – Мінск: Чатыры чвэрці, 2017. – 548, [2] с., [8] л. іл.
  Гэтая кніга – своеасаблівае падсумаванне вынікаў дзейнасці беларускага літаратуразнаўца Вячаслава Чамярыцкага, плён даследавання шматвяковай пісьмовай спадчыны беларускага народа.
  Ёсць некалькі прычын прачытаць кнігу. Па-першае, аўтар дапамагае чытачу здзейсніць падарожжа ў далёкае мінулае беларускай краіны, раскрыць таямніцы даўніх летапісаў і хронік, у якіх праўдзіва адлюстравалася драматычная гісторыя нашых продкаў. Па-другое, шырока прадстаўлена скарыназнаўчая тэматыка: асэнсоўваюцца творчая спадчына беларускага асветніка-гуманіста, змест і сутнасць яго тытанічнага подзвігу, прасочваецца няпросты жыццёвы шлях і сапраўды еўрапейскі ўзровень дзейнасці. Па-трэцяе, у кнізе змешчаны цыкл нарысаў пра выдатных беларускіх асветнікаў, пісьменнікаў і вучоных, дзеячаў і даследчыкаў беларускай гісторыі, літаратуры і культуры: Ігната Даніловіча і Мікалая Улашчыка, Юльяна Пшыркова і Аляксандра Коршунава, Генадзя Кісялёва і Аляксея Мельнікава...


  Кнігі можна ўзяць у аддзеле абанемента па адрасе: вул. Замкавая, 20, п. №9.

Книга Беларуси XIV-XVIII веков
Виртуальный читальный зал
Polpred.com. Связи с Россией. Экономика 230 стран
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Гродненский областной исполнительный комитет